Вобразы нацысцкіх акупантаў і партызан ва ўспамінах жыхароў Магілеўскага раёна
А.Р. Агееў,
г. Магілёў, МДУ імя А.А.Куляшова
У другой палове 1990-х – 2000-х гадах пад час правядзення музейна-краязнаўчай практыкі студэнтаў гістарычнага факультэта намі было арганізавана апытанне насельніцтва Магілеўскай вобласці аб штодзённым жыцці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 2009 г. быў цалкам абследаваны Княжацкі сельскі савет, які знаходзіцца ў заходняй частцы Магілеўскага раёна. Гэта дазволіла параўноўваць і правяраць інфармацыю ў суседніх вёсках і выйсці на больш глыбокі ўзровень аналізу. Пры правядзенні абследавання разам з аналізам статыстычных дадзеных выкарыстоўваўся метад сацыялагічнага апытання – стандартызаванае інтэрв’ю. Усяго было апытана 94 жыхары раёна, з якіх: 66 жанчын і 28 мужчын, якія пражывалі на акупаванай тэрыторыі ва ўзросце большым за 7 гадоў. Вынікі апытання дазволілі на масавым матэрыяле разгледзіць многія аспекты жыцця беларусаў пад час акупацыі 1941 – 1944 гг., ацаніць вобразы немцаў, партызан, паліцэйскіх ва ўспамінах відавочнікаў вайны.