РУБОН - сайт военной археологии

Путь по сайту

Военная история

З канца 1990 гадоў кафедра археалогіі МДУ імя А. А. Куляшова арганізуе экспедыцыю па вывучэнню штодзённага жыцця насельніцтва Магілёўскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Студэнты гістарычнага факультэта пад час правядзення летніх палявых практык штогод апытваюць сведак нацысцкай акупацыі. Стандартызаванае інтэрв’ю з гатовымі варыянтамі адказаў на асобныя пытанні дазваляе не толькі вывучаць этнаграфічныя асаблівасці штодзённага жыцця на акупаванай тэрыторыі, але і выяўляць пэўныя гістарычныя тэндэнцыі. 

А. Р.  Агееў (Магілёў)

Дастаткова падрабязнае азнаямленне з методыкай даследаванняў было намі выкладзена на канферэнцыі 2011 года ў Віцебску [1]. Тым не менш, дзеля ўяўленняў аб методыцы даследаванняў трэба адзначыць, што ўжо пад час першых экспедыцый 1996-97 гадоў былі сабраны тыповыя адказы на пытанні аб жыцці вясковых жыхароў у гады акупацыі. На базе іх было распрацавана стандартызаванае інтэрв’ю, якое дазваляла на масавым матэрыяле вывучаць асаблівасці штодзённага жыцця на акупаванай тэрыторыі, ацаніць вобразы немцаў, партызан і паліцэйскіх ва ўспамінах відавочнікаў. Стандартызаванае інтэрв’ю паступова мадыфікавалася. Дзейнічалі мы па метаду “снежнага кому”, калі пасля першых даследаванняў робяцца накіды справаздачы, а выяўленыя пры напісанні накіда нераскрытыя пытанні ўносяцца ў мадэрнізаваны гід інтэрв’ю. Намі апытвалася сталае насельніцтва Магілёўскай вобласці, якое пражывала на акупаванай тэрыторыі ва ўзросце большым чым 7 гадоў. З 2009 года мы перайшлі да суцэльнага абследавання пэўных сельскіх саветаў вобласці.

На канферэнцыі гэтага года прадстаўляецца частка апрацаваных дадзеных сабраных у раёнах Магілёўскай вобласці, якія мяжуюць з Віцебскай. Яны. як нам падаецца, ўяўляюць пэўны інтарэс для даследчыкаў віцебскай гісторыі. З памежных Горацкага, Круглянскага і Шклоўскага раёнах намі найбольш шчыльна быў абследаваны апошні. Трэба адзначыць, што першыя вынікі даследаванняў 2009 года былі агучаны намі на Раманаўскіх чытаннях 2009 года [2]. Дадатковыя апытанні на тэрыторыі раёна намі праводзіліся ў 2011 годзе.

Першым для абследавання быў абраны Старасельскі с/с Шклоўскага раёна, які знаходзіцца ў тыповай для поўначы Магілёўскай вобласці вясковай мясцовасці і мяжуе з Талачынскім і Аршанскім раёнамі Віцебскай вобласці. Усяго ў ім былі абследаваны 30 вёсак, у 21 з якіх было выяўлена 59 інфарматараў. Яны былі 1935 года нараджэння і старэйшыя па ўзросту.

Выяўленыя раней агульныя тэндэнцыі, пацвердзіліся. Так, напрыклад, у чарговы раз апытанне паказала, што вельмі галоднымі былі першыя пасляваенныя гады, калі тры гады акупацыі і дзве хвалі баявых дзеянняў ушчэнт разбурылі сельскую гаспадарку, а калгасная сістэма не дазваляла яе хутка аднавіць. На пытанне “Якія гады былі самымі галоднымі?” 25 % адказалі, што пры немцах у 1941-44 гадах, 32 % – аднолькава, 36 % – пасля вызвалення ў 1945-46, 5% – не памятаю.

На пытанне “Як паводзілі сябе немцы ў вашай вёсцы?” 61 % вяскоўцаў выбралі варыянт адказу: “Немцы былі розныя і добрыя і злыя”. Нават стэрэатыпны адказ аб “рабаванні немцамі насельніцтва”, які праз столькі гадоў тэарэтычна мог быць выкліканы і ўздзеяннем савецкай прапаганды, заняў толькі другое месца з вынікам 54 %.

На адсутнасць дапамогі немцаў сям’і або аднавяскоўцам ўказалі 59 % рэспандэнтаў. Нечакана многа – кожны трэці апытаны згадаў факты дапамогі немцамі мясцоваму насельніцтву. Гэта некалькі вышэй, чым у іншых рэгіёнах вобласці. Называліся наступныя віды дапамогі: лекамі, ежай, асабліва ў тых сем’ях, дзе пражывалі ў гады вайны нямецкія салдаты і афіцэры. Тут трэба улічваць тое, што ў тылавых частках вермахту, якія пераважна і размяшчаліся ў вёсках было шмат салдат і афіцэраў сярэдняга і сталага узростаў, якія мелі ўласныя сем’і ў Германіі.

Адказ на пытанне: “Ці служыў хто-небудзь з вашай вёскі ў паліцыі?” быў не такім простым для інфарматараў. Студэнты заўважылі, што амаль ўсе мясцовыя жыхары адназначна сцвярджалі, што паліцыя была, але не адразу ўзгадвалі аб паліцэйскіх са сваёй вёскі. Тыповы адказ: “Яны былі… не з нашай вёскі”. Потым некаторыя з іх прагаварваліся і ўзгадвалі нават імёны сваіх вясковых “паліцаяў”. “Складалася ўражанне, - як напісаў у сваёй справаздачы адзін з практыкантаў, - што паліцаяў было многа, але ўзяліся яны ніадкуль.” Тут безумоўна варта ўлічваць культурныя табу і стэрэатыпы, якія існуюць у нашым грамадстве. Трэба мець на ўвазе і абачлівасць вясковых жыхароў, якія ведаюць, што сваякі тых паліцэйскіх дагэтуль жывуць недзе побач. Высветлілася, што і сёння ў некаторых вясковых жанчын існуе боязь перад магчымымі пагалоскамі і нават помстай з боку нашчадкаў тых калабарантаў.

У Старасельскім сельскім савеце 58 % апытаных “аднолькава” баяліся і немцаў, і паліцыі. Сярод астатніх у 2,4 разы было больш тых, хто мацней баяўся паліцыі, чым немцаў. Значнае перабольшванне, тых у каго большы страх выклікалі паліцэйскія, мела амаль аднолькавае тлумачэнне: “Немцаў можна было паддурыць, а свае ўсе ведалі, дзе ў хаце знаходзяцца схованкі…”

Толькі трое рэспандэнтаў указала, што ў наваколле не было партызан. Адказваючы на пытанне “Як паводзілі сябе партызаны ў вашай вёсцы?” палова рэспандэнтаў пагадзілася, што партызаны іх рэгіёна змагаліся з фашыстамі. Толькі 12% згадзіліся з тэзісам, што былі партызаны, якія “адседжваліся ў лясах”. Многія вяскоўцы, падкрэслівалі, што “настаяшчыя”, “дзяйсцвіцельныя” і г.д. партызаны ваявалі, але шмат было і бандытаў. Амаль палова інфарматараў (46%) указала на тое, што твар партызан быў двухаблічны: “Былі партызаны, а былі і бандыты, якія толькі называлі сябе партызанамі”. Некаторыя вяскоўцы, нават падкрэслівалі, што “Вось гэта дзяйсцьвіцельная праўда…” На тое, што партызаны бралі ў сялян “толькі неабходнае для сябе” указала 42 % рэспандэнтаў, а 24 % абралі адказ “забіралі апошняе ў сялян”. Яны відаць і мелі на ўвазе бандытаў. Паказальна. што 10 % згадзіліся адразу з дзвюма варыянтамі адказу.

Прадказальным быў адказ на пытанне “Каго больш баяліся ў час акупацыі партызан ці немцаў?” Падаўляючая большасць адназначна указвала, што немцаў. Нават здзіўляліся студэнцкай наіўнасці. Тыповы адказ: “Ну, што вы, дзеткі? Канечна немцаў! Партызаны, гэта ж нашы…”, “Дзіўныя пытанні Вы задаецё…” Тым не менш, пятая частка ўказала ў розных варыянтах, што немцаў баяліся днём, а партызан ноччу.

Нашы спробы выявіць рэальныя памеры партызанскага “тэрору”, паказалі, што яны ў некаторых найноўшых публікацыях значна перабольшаны. Рэальна ў Старасельскім сельскім савеце намі выяўлены толькі адзін пэўны факт, які пацвердзілі больш трох сведак, расстрэлу мірных жыхароў – сям’і паліцэйскага. Яшчэ ў адным выпадку два інфарматары сцвярджалі, што такое было. У двух выпадках думкі аднавяскоўцаў раздзяліліся.

Здзівіла невялікая колькасць успамінаў аб знішчаных немцамі мірных жыхарах вёсак. Тлумачэнне напэўна ў тым, што ў цалкам знішчаных нацыстамі вёсках папросту няма каму сведчыць аб гэтым, як не могуць засведчыць аб сваіх сваяках закатаваныя немцамі яўрэі. Беларусы з мястэчка Стараселье аб лёсе яўрэяў, адказвалі трагічна проста: “Забілі ўсіх яўрэяў.”

Апытанне 2011 года на тэрыторыях Славенскага і Гарадзішчанскага с/с Шклоўскага раёна ўвогуле пацвердзілі вынікі папярэдніх апытанняў. Працэнты па апрацаваных анкетах на тэрыторыі Славенскага сельскага савета на асноўныя пытанні не надта адрозніваюцца ад прыведзеных па Старасельскаму. Са статычна значна адрозных дадзеных адзначым, што на пытанне “Якія гады былі самымі галоднымі?” тут 35,8 % адказалі, што пры немцах у 1941-44 гадах, 26,4 % – пасля вызвалення ў 1945-46, 32 % – аднолькава, 4% – не памяталі, а адзін інфарматар сцвярджаў, што голаду не было зусім. Звяртае ўвагу, тое, што ў межах аднаго раёна могуць быць статыстычна розныя дадзеныя.

Некаторыя красамоўныя адказы 2011 года варта прывесці, бо яны дазваляюць лепш адлюстраваць сітуацыю ў гады акупацыі і зразумець матывацыю тых, ці іншых тыповых адказаў. Так, частка інфармантаў ў сваіх каментарах указвалі на супярэчлівыя, але адносна добрыя для ўмоў вайны паводзіны немцаў у іх вёсках: “Такія ж як нашы, толькі гэр-гэр-гэр па нямецку…” (в. Мал. Славені); “Врэдных немцаў не было. Былі харошыя немцы” (в. Валасовічы); “Адзін канфету даваў, адзін хацеў расстраляць” (в. Валасовічы). У тылавых частках вермахту было шмат салдат і афіцэраў, якія мелі ўласныя сем’і ў Германіі. Менавіта яны паказвалі фотаздымкі сваіх дзетак, плакалі, успаміналі свае сем’і, а потым нярэдка давалі цукеркі малым беларусам, што апошнія помняць да гэтага часу: “Немцы ўсякія былі. Старыя былі нічога. Адзін стары навучаў, што рабіць, каб не ўзялі ў Германію” (в. Нікіцінічы); “Немцы, нават, есці звалі. У нашай дзярэўне ніякага пакушэння не было. Не палілі нікога. Былі вечарынкі з немцамі. Я не хадзіла, а дзяўчаты хадзілі. Шлі яны дамой, а партызаны адну забралі. Паздзекаваліся з яе. Яна крычала, а потым праз месяц памерла” (в. Нікіцінічы) і г.д. У інтэрв’ю ўсплылі і некаторыя нязвыклыя, але зразумелыя прычыны жорсткасці салдат вермахту: “Немцы паважалі, але не ўсе. Пайшлі мы мёду пакалупаць (скрасці – аўт.) у немцаў. Немец як пальнуў зверху! Дык мы ўцяклі. А немец матку папярэдзіў” (в. Мал. Славені).

У Славенскім с/с значна радзей згадваюцца прыклады нямецкай дапамогі. На адсутнасць дапамогі немцаў ўказалі на 10% больш апытаных – 69,8 % рэспандэнтаў. Значна менш апытаных, чым ў 2009 годзе – 17% згадалі факты дапамогі немцамі мясцоваму насельніцтву. Вынікі Славенскага с/с знізілі гэтую лічбу па раёну і выраўнялі яе з іншымі рэгіёнамі вобласці. Характэрна, што ў інтэрв’ю тыя інфарманты, што казалі аб нямецкіх цукерках, часцей ўказваюць, што акупанты ім не дапамагалі. Цукеркі ў свядомасці многіх беларусаў з’яўляюцца не дапамогай, а пачастункам. Нават інфармант, які ўказваў, што немцы “звалі есці”, адказаў, што яны нічым не дапамагалі. Жыхарка Нікіцінічаў, якой немец падказаў, як не трапіць на працы ў Германію, толькі з падказкі нехаця прызнала гэта дапамогай.

Тое што, насельніцтва пакутавала і ад немцаў, і ад паліцыі не выклікае сумненняў. Перабольшванне, тых ў каго большы страх выклікалі паліцэйскія, мела падобнае тлумачэнне: “Немец ідзе, як грак, а гэтыя паліцаі усё ведаюць” (в. Нікіцінічы). Да таго ж менавіта паліцыя выконвала самую брудную работу. “Нашы паліцаі тварылі, чорт знае што!” (в. Мал. Славені).

Пры ўвогуле станоўчых адносінах да партызан тутака ў бязлесай мясцовасці іх кантроль быў не такі трывалым і моцным. Часта назіраліся выпадкі бандытызму. Большасць інфарматараў, як звычайна, ўказала на тое, што твар партызан быў двухаблічны: “Банда была, а не партызаны” (в. Стараселле); “Марадзёры былі – так грабілі, а партызаны прасілі” (в. Валасовічы); “О партызаны! Я тут праўду выкажу! Колькі ў нас адзежы было, усё свае пабралі. Людзі адзеннем абкручваліся і клаліся спаць, каб адзежу захаваць” (в. Нікіцінічы).

Асабліва яскравы прыклад быў запісаны ў вёсцы Малыя Славені: “Атлічна паводзілі! Былі случаі, што едуць на канях, грабяць усё: кажухі, обувь, іголкі, Дык гэта разьве партызаны?.. Прыехала банда. Заходзяць у хату і давай браць. Гармошку ўзялі, хлеба, солі. Усё бралі. Еслі чэсны партызан, то папросіць, дай бабушка тое. А поздже настаяшчыя партызаны прыехалі. Брат кажа, што толькі тыя паехалі. “А куды паехалі? Туды! А мы іх дагонім!” Паехалі і пастралялі (бандытаў – заўвага аўт.). Гармошку вярнулі. Аднаму бандыту ў горла заперлі рогі”. Трэба адзначыць, што бандытаў ужо з вёскі Славені згадвалі жыхары Сапронек.

У Славенскім сельскім савеце намі выяўлены толькі два сцвярджэння, аб расстрэле мірных жыхароў партызанамі. Адзін ужо прыведзены выпадак расстрэлу марадзёраў каля вёскі Славені. Яшчэ ў адным выпадку асобныя жыхары вёскі Каменкі сцвярджалі, што партызан забіраў карову і застрэліў бабу, якая галасіла і не аддавала яе. Страх перад партызанамі ў пэўных вяскоўцаў вельмі цяжка вылучыць з іншых страхаў перад візітамі начных гасцей.

Нашы спробы прымянення метадаў сацыялогіі для высвятлення гістарычных праблем дазваляюць праясніць многія спрэчныя пытанні, у якіх цяжка вызначыцца з дапамогай традыцыйных метадаў. На індывідуальным і сямейным узроўнях выявілася вялікая ступень дакладнасці ўспамінаў. Значна меншая аб’ектыўнасць інфармацыі была выяўлена на абшчынным узроўні. Трэба ўлічваць, што апытанне, па сутнасці, адлюстроўвае жаночы і дзіцячы погляд на вайну. У сілу дэмаграфічных асаблівасцяў у старшых узроставых катэгорыях, якіх і апытвалі студэнты, сёння пераважаюць менавіта жанчыны.

Крыніцы і літаратура:

  1. Агееў, а.р. Вусная гісторыя як крыніца даследавання штодзённага жыцця ў гады Вялікай Айчыннай вайны / А.Р. Агееў // Актуальныя праблемы крыніцазнаўства айчыннай гісторыі : матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 450-годдзю віцебскага гарадскога права і 100-годдзю выдання першай кнігі зборніка “Полоцко-Вітебская старина”, Віцебск, 6-7 кастрычніка 2011 г. / Віц. дзярж. ун-т ; рэдкал.: А.М. Дулаў (адк. рэд.) [і інш.]. – Віцебск : УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, 2011. – С. 192-195.
  2. Агееў,а. р. Штодзённае жыццё вясковага насельніцтва Шклоўскага раёна ў гады Вялікай айчыннай вайны (па матэрыялах летняй гісторыка-краязнаўчай практыкі студэнтаў гістфака МДУ імя А. Куляшова) / А. Р. Агееў // Романовские чтения – 6 (к 75-летию истор. факультета УО «МГУ им. А.А. Кулешова»): сб. статей Международной науч. конференции. – Могилев: УО «МГУ им. А.А. Кулешова», 2010 – С. 40 – 41.

Мы в "Facebook"

 

 

Мы в "Одноклассниках"

Мы "В Контакте"

Яндекс.Метрика